У Беларусі зарэгістраваны першы выпадак гібелі дзіцяці, звязаны з выкарыстаннем прыстасавання для выпарвання курыльных вадкасцяў (вейпа). Пра гэта паведаміў 17 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах няпоўнагадовых галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Васіль Дземідовіч.

Трагедыя адбылася ў Дзяржынску 13 сакавіка.
«Зафіксаваная смерць 16-гадовай дзяўчынкі. За некалькі хвілін да гэтага яна ў кампаніі сяброў парыла вейп. У выніку адчула сябе кепска, страціла прытомнасць. На жаль, так і не прачнулася», — паведаміў прадстаўнік МУС.
Ён адзначыў, што гэта першы выпадак смерці ў Беларусі пасля выкарыстання вейпа.
Паводле Дземідовіча, міліцыя штогод фіксуе выпадкі шпіталізацыі дзяцей пасля ўдыхання пароў з дапамогай вейпаў. У сувязі з гэтым ведамства заклікае бацькоў і адукацыйныя ўстановы ўзмацніць кантроль за няпоўнагадовымі, каб не дапусціць такіх інцыдэнтаў.
«Паводле звестак СААЗ, поўная забарона на рэалізацыю электронных сістэм курэння існуе больш чым у 30 краінах свету. Цяпер мы прапрацоўваем пытанне пра мэтазгоднасць поўнай забароны ў Беларусі электронных сістэм курэння альбо магчымасць выключыць са складу вадкасцяў да іх харчовыя араматызатары», — расказаў Дземідовіч.
Нагадаем, у Беларусі плануюць увесці ўзмацненні для рынку курыльных сістэм і электронных цыгарэт. Змены прапісаныя ў праекце закона пра рэгуляванне тытунёвага рынку і вырабаў, што ўтрымліваюць нікацін. Таксама ўлады хочуць забараніць курыць на ганках шматпавярховак і побач з імі.
Чытайце таксама