З Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі 18 чалавек. Пра гэта рэдакцыі паведамілі чытачы. Інфармацыю пацвердзілі знаёмыя звольненых.

Паводле нашай інфармацыі, рашэнне пра звальненне гэтых людзей было прынятае ў адзін дзень — 23 снежня 2022 года. За тыдзень да гэтага, 17 снежня, на адным з прапагандысцкіх рэсурсаў з’явіліся абразлівыя нататкі пра намесніцу дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай і асветніцкай працы Святлану Анейка і кіраўніцу аддзела беларускага мастацтва ХХ — ХХІ стагоддзяў Кацярыну Ізафатаву.
У выніку абедзвюх звольнілі. Таксама страціў сваю пасаду намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. У выніку ў гендырэктара Уладзіміра Пракапцова, які падпісаў загады аб звальненні, не засталося ніводнага намесніка.
Гэта не першае звальненне з мастацкага музея. У пачатку снежня 2022 года адтуль давялося сысці Ірыне Моніч, маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча. Апошні быў звольнены з музея яшчэ ў 2020-м.