Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Хто такі Панцеляймон Панамарэнка? Мінчукі ўспомняць, што ў ягоны гонар у сталіцы названая вуліца, але наўрад ці многія добра знаёмыя з яго роляй у гісторыі Беларусі — тым больш што ў школьных падручніках пра гэта не пішуць. З моманту смерці экс-кіраўніка БССР прайшло ўжо больш за 40 гадоў, але, як выявілася, крытыкаваць яго дагэтуль нельга. Пасля таго як YouTube-блогер Мікіта Мелказёраў выпусціў пра яго відэа і назваў Панамарэнку «кавалкам лайна», прапагандыст Кірыл Казакоў заявіў, што гатовы асабіста расстраляць журналіста, а ГУБАЗіК перайшоў да пагрозаў у яго адрас. Ці заслугоўвае Панамарэнка такой характарыстыкі? Успамінаем самыя яркія моманты яго біяграфіі — данос на Янку Купалу і Якуба Коласа, спрэчкі з Масквой за Полацк і спробу стаць пераемнікам Іосіфа Сталіна.

Вызначыўся на фоне рэпрэсій

Панцеляймон Панамарэнка ўзляцеў на Алімп нечакана. У 1938-м ва ўзросце 36 гадоў ён стаў інструктарам Цэнтральнага камітэта (ЦК) Кампартыі СССР (найніжэйшая пасада ў апараце), у тым самым годзе быў прызначаны намеснікам загадчыка аднаго з аддзелаў. А праз два месяцы яго выклікалі да Андрэя Андрэева, высокапастаўленага чыноўніка, сакратара ЦК і чальца Палітбюро (найвышэйшага партыйнага органа).

«На столе у него лежала только что вышедшая из печати моя книга [у суаўтарстве] „Электровоз“. Видимо, она заинтересовала Андреева как бывшего наркома (так тады называліся міністры. — Заўв. рэд.) путей сообщения. Порасспросив о моей прошлой работе, он сказал: „Собирайтесь, поедете со мной в Белоруссию. Отъезд 17 июня вечерним поездом“. „Хорошо“, — ответил я. Поездки в области и республики работников ЦК вместе с партийными руководителями были обычным делом. Мне и в голову не могло прийти, что я останусь там работать», — успамінаў Панамарэнка.

18 чэрвеня ён з Андрэевым прыехаў у Мінск. Там іх сустрэў Аляксей Волкаў, які выконваў абавязкі першага сакратара ЦК Кампартыі БССР менш за год, са жніўня 1937-га. Чакалася, што яго пакінуць «пры стырне», ужо прайшоў планавы партыйны з’езд — заставалася толькі агучыць прадказальныя вынікі галасавання на заключным паседжанні. Яно праходзіла акурат 18 чэрвеня. Прыйшоўшы на яго, Андрэеў нечакана заявіў, што ў Маскве лічаць: Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі, таму, маўляў, ёсць меркаванне, што яго неабходна замяніць. Таксама маскоўскі госць прапанаваў увесці ў склад беларускага ЦК Панамарэнку. Дэлегаты з’езда, што яшчэ нядаўна галасавалі за Волкава, моўчкі згадзіліся. Ужо на наступны дзень пачатковец, якога ніхто не ведаў, быў абраны першым сакратаром ЦК — то-бок кіраўніком рэспублікі.

Пантелеймон Пономаренко на фоне генерального плана Минска. Фото: Владимир Лупейко, архив TUT.BY
Панцеляймон Панамарэнка на фоне генеральнага плана Мінска. Фота: Уладзімір Лупейка, архіў TUT.BY

Так апісваў гэтыя падзеі Панамарэнка, але ён трохі перакруціў рэальнасць: ёсць сведчанні, што пра блізкае прызначэнне яго папярэдзілі яшчэ ў Маскве. Зрэшты, такое было тыповым для гэтага чалавека: далей будзе не адзін прыклад, як гэты дзеяч дазваляў сабе прыдумляць міфы пра сваю біяграфію ці перабольшваць тыя ці іншыя падзеі.

Такое прызначэнне стала для Панамарэнкі неймаверным кар’ерным узлётам. Але шанцы ацалець на гэтай пасадзе былі невялікія. Да яго БССР узначальвалі 12 чалавек. Агульнага ў іх было шмат: замежнікі (беларусаў амаль не было), усе кіравалі нядоўгі час (толькі Мікалай Гікала пратрымаўся пяць гадоў) і амаль усё кепска скончылі. Сваёй смерцю памёр толькі адзін чалавек — акурат згаданы Аляксей Волкаў. Яшчэ адзін чыноўнік загінуў у авіякатастрофе, іншы застрэліўся перад немінучым арыштам, а вось усіх астатніх — расстралялі.

Панамарэнка аказаўся другім з іх, хто выжыў, і — у адрозненне ад Волкава — дасягнуў сур’ёзных вышыняў.

Паводле самога экс-кіраўніка БССР, яго дзед і бацька жылі ў вёсцы Клімаўкі Харкаўскай губерні (сучасная Украіна). Яны працавалі парабкамі ў мясцовага памешчыка. У 1860-м ён недаплаціў ім (абяцаў 80 рублёў, аддаў толькі 30). У адплату яны падпалілі сцірты неабмалочанага хлеба і сышлі на Кубань. Увогуле, адмена прыгоннага права адбылася толькі ў 1861-м, ці маглі продкі партыйца свабодна сысці ў іншы рэгіён за год да гэтага — пытанне. Але менавіта на Кубані (сучасны Краснадарскі край Расіі) у 1902-м нарадзіўся Панамарэнка.

Пантелеймон Пономаренко. Фото: Nationaal Archief, Den Haag, Rijksfotoarchief: Fotocollectie Algemeen Nederlands Fotopersbureau, Nationaal Archief Fotocollectie Anefo, CC0, commons.wikimedia.org
Панцеляймон Панамарэнка. Фота: Nationaal Archief, Den Haag, Rijksfotoarchief: Fotocollectie Algemeen Nederlands Fotopersbureau, Nationaal Archief Fotocollectie Anefo, CC0, commons.wikimedia.org

У 12 гадоў яго аддалі чаляднікам у шапкавую майстэрню, у 14 ён пачаў працаваць кавалём. У 16 гадоў Панцеляймон добраахвотнікам уступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на тэрыторыі Расіі. Пасля перамогі камуністаў ён працаваў у камсамоле, вучыўся ў Маскоўскім інстытуце інжынераў транспарту, служыў у Чырвонай арміі (у тым ліку на тэрыторыі Беларусі).

У 1936-м Панамарэнка ўладкаваўся ў Маскоўскі ўсесаюзны электратэхнічны інстытут, адначасова будучы кіраўніком мясцовага партыйнага камітэта. Ва ўмовах масавых рэпрэсій, пік якіх прыпаў на 1937−1938 гады, усюды ўтварылася маса вакансій. Гэта была рулетка: адных гэтыя падзеі зацягвалі на дно, іншых падымалі да нябёсаў. Панамарэнку пашанцавала: яго рэкамендавалі на працу ў партыйны апарат, а там яго дзелавыя якасці прыйшліся даспадобы начальству.

Перавыканаў план па расстрэлах

Праз шмат гадоў, ужо на пенсіі, Панамарэнка любіў расказваць пра тое, як спыніў рэпрэсіі і нават выратаваў класікаў беларускай літаратуры.

«Пра непасрэдную адказнасць Сталіна за развязаныя рэпрэсіі і гібель з прычыны гэтага многіх бязвінных савецкіх грамадзян ён гаварыў з нейкай прыкрасцю і смуткам. <…> Паводле яго словаў, у 1937−1938 гадах са 100 першых сакратароў райкамаў партыі (у БССР было тады 100 раёнаў) ацалелі толькі тры сакратары», — пераказваў гісторык Георгій Куманеў сваю размову з Панамарэнка. Апошні таксама казаў, што ўжо былі падпісаныя ордары на арышт класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа: «Мне пришлось лично ходатайствовать за них перед Сталиным. Только это решило их судьбу, спасло, без всякого преувеличения, от печальной участи». Існуе легенда, што менавіта Панамарэнка пераканаў савецкага дыктатара памяняць ордары на ордэны.

В президиуме Народного собрания. Второй слева — секретарь ЦК КП (б)Б Пантелеймон Пономаренко. Фото: Национальный архив Республики Беларусь
У Прэзідыуме Народнага сходу, на якім Заходняя Беларусь папрасілася ў склад БССР. Другі злева — сакратар ЦК КП (б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Фота: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Аналагічную гісторыю ён расказваў і Івану Шамякіну. Пісьменнік потым успамінаў: «Ён шукаў магчымасці адмыцца. Знайшоў: выклікаць маладога беларускага пісьменніка, аўтарытэтнага (лаўрэат!), расказаць яму, які добры ён быў, вядома ж, пісьменнік раскажа яго легенду калегам, старым і маладым, хтосьці запіша яе… Але не найлепшы ён быў сцэнарыст, забыў пра адну істотную дэталь — пра архіў».

На самай справе рэпрэсіі за Панамарэнкам не спыняліся (проста іх стала менш), а кіраўнік БССР браў у іх непасрэдны ўдзел. Напрыклад, ён прасіў Сталіна павялічыць для БССР «план» па колькасці рэпрэсаваных па 1-й катэгорыі (расстрэл) на 2 тысячы чалавек, а па другой (турма ці лагер) — на 3 тысячы. Адшукаць копію гэтай шыфроўкі цяпер у адкрытым доступе не ўдалося, але ніжэй прыклады, як выглядалі такія дакументы.

Шифровка первого секретаря ЦК КП Казахстана Левона Мирзояна Иосифу Сталину, 1 декабря 1937 года. Источник: РГАСПИ / commons.wikimedia.org
Шыфроўка першага сакратара ЦК КП Казахстана Лявона Мірзаяна Іосіфу Сталіну, 1 снежня 1937 года. Крыніца: РДАСПГ / commons.wikimedia.org
Шифровка Василия Шаранговича Иосифу Сталину. 1937 год. Изображение: svoboda.org
Шыфроўка першага сакратара ЦК КПБ Васіля Шаранговіча Іосіфу Сталіну. 1937 г. Выява: svаboda.org

У лістападзе 1938 года новы кіраўнік БССР даслаў крамлёўскаму дыктатару ліст. Гэта было не што іншае, як данос на ўсіх нешматлікіх беларускіх пісьменнікаў, якія яшчэ засталіся на волі пасля масавага тэрору 1937-га.

«Наиболее крупную контрреволюционную националистическую работу провел союз «советских» писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас). <…> Пользуясь полной свободой, не стесняемые ничем, эти писатели монополизировали за собой право толкователей языка, право создания новых слов, терминов, лозунгов и т.д. Они перед этим пытались и внешне отдалить язык от русского. <…> В лозунге «Пролетарии всех стран, соединяйтесь», слово «соединяйтесь» заменено словом «злучайцеся», а в народе «злучайцеся — злучка», все равно, что и по-русски «случайтесь — случка». <…>

«В отношении Янки Купалы, Якуба Коласа, [Петруся] Бровко, [Петра] Глебки, [Кондрата] Крапивы, [Змитрока] Бядули, <…> и др. <…> людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой. <…> По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду как враги народа».

З ліста Панамарэнкі Сталіну «Пра беларускую мову, літаратуру і пісьменнікаў»

Літаратараў пасля такога даносу мог выратаваць толькі цуд. Але Панамарэнка пакінуў магчымасць Сталіну прыняць канчатковае рашэнне, і той, як ні дзіўна для яго, вырашыў пашкадаваць цяперашніх класікаў і іх калегаў.

Вёў партызан без кампетэнцый

Падчас Другой сусветнай вайны Панцеляймон Панамарэнка быў начальнікам Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР). У гэтую структуру ўваходзілі як беларускі, так і ўкраінскі штабы, а ў іх склад — спецшколы, дзе рыхтавалі камандзіраў, начальнікаў, радыстаў, інструктараў, спецыялістаў па мінна-падрыўной справе. Аднак дзеянні Панамарэнкі спецыялісты ацэньвалі вельмі крытычна.

Сярод іх быў палкоўнік Ілля Старынаў. Адзін з арганізатараў партызанскага руху, ён рыхтаваў партызан яшчэ ў 1930-я, ваяваў у Іспаніі, арганізоўваў дыверсіі падчас Другой сусветнай. Старынаў пражыў больш за 100 гадоў (1900−2000), свае апошнія кнігі пісаў ужо пасля развалу Савецкага Саюза, таму мог быць шчыры. Пры гэтым яго цяжка назваць дысідэнтам: да канца 1980-х палкоўнік выкладаў у КДБ, яму давяралі спецслужбы.

Паводле яго, Панамарэнка быў кадравым палітработнікам, які «і ротай не камандаваў, і не заканчваў вайсковай акадэміі». У выніку планы аперацый, распрацаваныя ў ЦШПР і ніжэйшых штабах партызанскага руху, былі падобныя хутчэй не да планаў ваенных дзеянняў, а на пастановы парторганаў па правядзенні пасяўных і ўборачных работ.

Портрет Пантелеймона Пономаренко работы Федора Модорова. 1942 год. Изображение: Владимиро-Суздальский музей-заповедник, vladmuseum.ru
Партрэт Панцеляймона Панамарэнкі працы Фёдара Модорова. 1942 год. Выява: Уладзіміра-Суздальскі музей-запаведнік, vladmuseum.ru

«У палітработнікаў, якія не праходзілі спецыяльнай партызанскай падрыхтоўкі (палітработнікаў, якія мелі такую падрыхтоўку ужо не засталося — яны былі даўно рэпрэсаваныя), ні досведу, ні ведаў для кіраўніцтва дзеяннямі партызанскіх сіл не было», — падкрэсліваў Старынаў.

Збярог тэрыторыю

А вось за што выхадцу з Украіны трэба сказаць дзякуй, дык гэта за захаванне беларускай тэрыторыі. Уступіўшы ў Другую сусветную вайну ў 1939 годзе, СССР напаў на Польшчу. Яна амаль 20 гадоў валодала землямі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а цяпер, калі Польшчу акупавалі, яны мусілі ўвайсці ў склад БССР і УССР.

Панамарэнка сцвярджаў, што тагачасны кіраўнік Украіны Мікіта Хрушчоў скарыстаўся момантам і паспрабаваў уключыць Брэст, Пінск і частку Белавежскай пушчы ў склад сваёй рэспублікі. Але кіраўнік БССР выступіў супраць і пераканаў Сталіна пакінуць гэтыя тэрыторыі за Беларуссю. Паводле версіі Панамарэнкі, Хрушчоў не дараваў яму гэтага за ўсё астатняе жыццё.

Спроба абрэзаць нашую краіну аказалася не апошняй. Яшчэ адна адбылася ўжо пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх войскаў. Панамарэнка вярнуўся ў Мінск і зноў пачаў кіраваць рэспублікай. Менавіта тады ён змог яшчэ раз адстаяць беларускія тэрыторыі. Ужо на пенсіі ён расказваў гісторыку Георгію Куманеву, што ў 1944-м паплечнік Сталіна Георгій Малянкоў прапанаваў стварыць Полацкую вобласць, аднак у складзе Расіі.

Кіраўнік БССР, паводле яго словаў, выступіў супраць гэтага і заявіў Сталіну, што Полацк — старажытны беларускі горад, дзе нарадзіўся першадрукар Францыск Скарына і іншыя выбітныя прадстаўнікі нашай краіны. Але галоўнае, што заканчваецца вайна, а Беларусь «тэрытарыяльна і па насельніцтве скарачаецца».

«Мне кажется, что это не будет народом понято и многих обидит. Тем более что это будет ассоциироваться с тем, что на западе Белостокская область и часть Беловежской пущи, как известно, могут отойти к Польше», — дадаў Панамарэнка (так у выніку і здарылася. — Заўв. рэд.).

Руководитель белорусских спецслужб Лаврентий Цанава (второй слева) и руководитель БССР Пантелеймон Пономаренко (четвертый слева) в послевоенное время. Фото: Владимир Лупейко
Кіраўнік беларускіх спецслужбаў Лаўрэнцій Цанава (другі злева) і кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка (чацвёрты злева) у пасляваенны час. Фота: Уладзімір Лупейка, архіў TUT.BY

Гэты аповед доўгі час лічылі легендай. Тым больш што і ў гэтым выпадку, і ў спрэчцы пра Палессе існавала толькі адна крыніца — успаміны самога Панамарэнкі (аналагічная сітуацыя са спробай далучыць да БССР Калінінград — крыніца ўсяго адна і вельмі спрэчная).

Але ў выпадку Полацка ў архіве ўдалося знайсці праекты пастановы партыі «Об образовании в составе РСФСР Полоцкой области» і адпаведнага ўказа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. У ліпені 1944 года яны былі прадстаўленыя Сталіну. Паводле праекта, нашая рэспубліка мусіла страціць Полацк, Расоны, Ушачы, Браслаў, Мёры, Шаркаўшчыну. Праўда, насамрэч Панамарэнка быў не супраць стварэння вобласці, але без указання, у складзе якой рэспублікі яна будзе існаваць. Магчыма, пад шумок ён хацеў далучыць да БССР частку памежных земляў Расіі, каб пашырыць свае ўладанні, але безвынікова.

Узляцеў яшчэ вышэй, але страціў уплыў

У 1948 годзе Панамарэнку забралі з Мінска ў Маскву. Сталін зрабіў яго сакратаром ЦК ВКП (б) і даручыў курыраваць пытанні дзяржаўнага планавання, фінансаў, гандлю і транспарту.

У 1952-м прайшоў XIX з’езд — менавіта тады Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў) была перайменаваная ў звыклую нам Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС). Але гэта былі не адзіныя змены. Замест Палітбюро ЦК КПСС — найвышэйшага партыйнага органа — быў створаны Прэзідыум. У яго ўключылі цэлых 25 чалавек, у той час як чальцоў Палітбюро было каля дзясятка. Сярод пачаткоўцаў аказаўся і Панамарэнка, але многія людзі былі малавядомымі. Сталін зрабіў гэта, кабаслабіць ролю сваіх найбліжэйшых паплечнікаў, улада якіх цяпер размывалася ў такой вялікай групе людзей.

Пантелеймон Пономаренко (в центре) беседует с группой витебских и могилевских партизан, прибывших в Москву. 1942 год. Фото: Виктор Кинеловский, Российский государственный архив кинофотодокументов, TUT.BY
Панцеляймон Панамарэнка (у цэнтры) гутарыць з групай віцебскіх і магілёўскіх партызан, якія прыбылі ў Маскву. 1942 год. Фота: Віктар Кінелоўскі, Расійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў, TUT.BY

А для аператыўнага кіраўніцтва ў рамках гэтага новага органа было створанае Бюро Прэзідыума ЦК КПСС, якое наогул не рэгламентавалася партыйным статутам. Туды ўключылі дзевяць чалавек. З гэтай дзявяткі дыктатар, у сваю чаргу, вылучыў кіраўнічую пяцёрку, месца ў якой Панамарэнку ўжо не знайшлося.

У новым статусе апошні прабыў нядоўга. У пачатку вясны стан Сталіна рэзка пагоршыўся. Міністр сельскай гаспадаркі СССР Іван Бенедыктаў сцвярджаў, што той хацеў зрабіць экс-кіраўніка БССР сваім пераемнікам: «Дакумент пра прызначэнне Панамарэнкі старшынёй Савета Міністраў завізавалі некалькі чальцоў Палітбюро, і толькі смерць Сталіна перашкодзіла выкананню яго волі». Аднак ніякіх доказаў гэтаму няма, дакументаў, якія пацвярджаюць гэтую версію, гісторыкі дагэтуль не знайшлі. Хутчэй за ўсё, гэта не больш чым чарговая легенда.

Увечары 5 сакавіка, калі дыктатар быў яшчэ жывы, прайшло сумеснае паседжанне ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Сярод іншага паплечнікі Сталіна ліквідавалі нядаўна створанае Бюро Прэзідыума, а ў сам новы Прэзідыум ўключылі 11 чалавек, у тым ліку самога Сталіна (які ў той жа вечар адыдзе ў іншы свет), у адзін момант выкінуўшы адтуль усіх яго вылучэнцаў.

Сярод іх аказаўся і Панамарэнка. У тым жа месяцы яго прызначылі міністрам культуры. На гэтай пасадзе ён не затрымаўся — і ў наступным годзе быў адпраўлены ў Казахстан кіраваць мясцовай кампартыяй у якасці першага сакратара. Другім сакратаром быў Леанід Брэжнеў — у будучыні гэта адыграла важную ролю ў лёсе Панцеляймона.

Картина Федора Модорова "В штабе партизанского движения". 1942 год. Третий слева - Пантелеймон Пономаренко. Изображение: Центральный музей Вооруженных сил РФ,
Карціна Фёдара Модарава «У штабе партызанскага руху». 1942 год. Трэці злева — Панцеляймон Панамарэнка. Выява: Цэнтральны музей Узброеных сіл РФ

Але Хрушчоў, з якім адносіны не ладзіліся, усё больш умацоўваў свае пазіцыі, таму кар’ера Панамарэнкі і далей пайшла ўніз. Яго адправілі ў высылку — на дыпламатычную працу. Няўдалы пераемнік быў амбасадарам у Польшчы (1955−1957), Індыі і па сумяшчальніцтве ў Непале (1957−1959), а таксама ў Нідэрландах (1959−1962). Нідэрландцы абвясцілі яго персонай нон грата: калі адна з савецкіх перабежчыц паспрабавала застацца на Захадзе, Панамарэнка асабіста ўзяў удзел у яе выкраданні на вуліцах Амстэрдама і ўступіў у бойку з паліцыяй.

Пасля гэтага ён стаў пастаянным прадстаўніком СССР у Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у Вене, а яшчэ крыху пазней пайшоў у адстаўку. Дзіўна, але ў розных крыніцах сустракаюцца адразу чатыры (!) розныя версіі, калі гэта здарылася.

Пісаў мемуары, так і не асэнсаваўшы пражытае

Першая версія належыць самому Панцеляймону Панамарэнку. Восенню 1964-га ў Маскве адбыўся фактычна дзяржаўны пераварот: паплечнікі адправілі на пенсію Хрушчова.

«Тогда в течение уже двух лет находился на пенсии. Причем не без личного «внимания» Хрущева мне был установлен ее минимальный размер. Отклонена была даже просьба об установлении генеральской пенсии: ведь я имею воинское звание генерал-лейтенанта. Чтобы как-то существовать, пришлось заняться продажей книг из моей домашней библиотеки. Каких бесценных изданий я тогда лишился!» — расказваў экс-кіраўнік БССР гісторыку Георгію Куманеву.

То-бок, з ягоных словаў, звольнены ён быў ужо ў 1962-м, ледзь заняўшы чарговую пасаду. Аднак у гэта верыцца з цяжкасцю. Па-першае, звычка да міфатворчасці ў чыноўніка была ў крыві (успомнім гісторыю з «ордарамі і ордэнамі»). Па-другое, усе іншыя версіі даюць пазнейшыя даты. Паводле звестак Нацыянальнага архіва Беларусі, звальненнеадбылося ў 1963-м, на сайце самога прадстаўніцтва пры МАГАТЭ згадваецца 1964-ы, Вялікая расійская энцыклапедыя дае 1965-ы.

Навошта мы так падрабязна разбіраем гэты шараговы эпізод? Ды таму, што з ім звязаны цікавы аповед Панамарэнкі. У дзень зрынання Хрушчова ў яго згарэла лецішча.

«Поздно вечером весь прокопченный, в спортивном костюме, я приехал в Москву и у своего дома внезапно встретился с Леонидом Ильичом Брежневым. Ведь мы живем в одном подъезде. Он выглядел каким-то взволнованным, возбужденным. Мы поздоровались. «Что у тебя за вид?» — спрашивает. Узнав о моей беде, сказал, чтобы я особенно не переживал: «Необходимую помощь окажем и с пенсией дело поправим». Первое, что он сообщил: «Сегодня мы твоего антипода Хрущева скинули!» <…> Брежнев предложил пройтись по Шевченковской набережной. «А кого же избрали Первым [сакратаром кампартыі]?» — спрашиваю его. «Представь, меня», — ответил со смехом Брежнев, а потом уже серьезно добавил: «Все прошло довольно гладко. Неожиданное сопротивление оказал только [старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Анастас Мікаян: ён пярэчыў супраць таго, каб Хрушчова вызвалялі адразу ад дзвюх пасадаў» (той кіраваў урадам і кампартыяй. — Заўв. рэд.)».

Гісторыя гучыць прыгожа: маўляў, Панамарэнка некалі працаваў з Брэжневым, і цяпер той яму дапамог. Але ёсць нюанс: невядома, на якія фінансавыя праблемы ён скардзіўся, бо пасля Вены экс-чыноўнік уладкаваўся выкладчыкам у Інстытут грамадскіх навук пры ЦК КПСС і грошай у яго хапала.

Мемориальные доски Пантелеймону Пономаренко, Дмитрию Жилуновичу и Кириллу Мазурову на доме по улице Карла Маркса, 30 в Минске. Фото: Чаховіч Уладзіслаў, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Мемарыяльныя дошкі Панцеляймону Панамарэнку, Змітру Жылуновічу і Кірылу Мазураву на доме на вуліцы Карла Маркса, 30 у Мінску. Фота: CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Так ці інакш, урэшце ён сапраўды атрымаў прыстойную пенсію (паводле адной версіі, гэта здарылася праз год пасля размовы з новым генсекам), але яшчэ да 1978 года выкладаў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, перш чым канчаткова адысці ад справаў.

Цікава, што Панамарэнка быў ненашмат старэйшы за Брэжнева — 1902 года нараджэння, а той 1906-га. Але на партыйны Алімп яго з невядомых прычын больш не паклікалі — магчыма, бачылі канкурэнтам.

Паралельна з выкладаннем экс-чыноўнік пісаў мемуары. У 1971-м ён зайшоў у часопіс «Новый мир», дзе магла адбыцца публікацыя. «Припоминаю, что Пономаренко хорошо говорил, когда он был министром культуры. Было это в 1953-м. Вскоре после смерти Сталина, когда чуть-чуть повеяло свежим воздухом. Пономаренко 69 лет. Выглядит хоть куда. Небольшого роста. Крепко сбитый. Подтянутый. С острыми хваткими глазами. За внешней сдержанностью горячий нрав. Научился держать себя в узде и не выдавать свои затаенные чувства. Без этих навыков давно был бы изъят не только из карьеры. Жизнью поплатился бы», — пісаў у дзённіку крытык Леў Лявіцкі.

І тут жа дадаваў: «По-своему незаурядный человек. Тем очевиднее его зашоренность. Не понял время, в какое жил. К нему подходит талейрановская формула: ничего не забыл и ничему не научился (Шарль Марыс Талейран — французскі міністр замежных справаў за Напалеонам, фраза была сказаная пра дынастыю Бурбонаў, якія вярнуліся да ўлады пасля зрынання імператара. — Заўв. рэд.). Вот уж воистину кость от кости и плоть от плоти системы, которую с воодушевлением обслуживал. Не сделал попытку даже серьезно осмыслить ни 37-й год, ни бурную свою карьеру, ни судьбы людей, оказавшихся в тюрьме, ни процессы, происходившие после смерти Сталина».

Сапраўды, у размовах Панамарэнка высока ацэньваў ролю гэтага дыктатара, не забываючы абяляць сябе.

Могила Пантелеймона Пономаренко на Новодевичьем кладбище Москвы (Россия). Фото: SerSem, ru.wikipedia.org
Магіла Панцеляймона Панамарэнкі на Новадзявочых могілках Масквы (Расія). Фота: SerSem, commons.wikipedia.org

Аднак вернемся да мемуараў. Улады выступілі супраць публікацыі, і экс-кіраўніку БССР прапанавалі перарабіць іх у навукова-даследчую працу. Так Панамарэнка напісаў кнігу «Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков. 1941−1944». У 1981-м яна была здадзеная ў друк. Але ў апошні момант канкурэнты яшчэ па партызанскім руху заявілі, што ў такім выглядзе выданне можа стаць дапаможнікам для дыверсантаў і тэрарыстаў у барацьбе супраць СССР. У выніку кнігу выпусцілі толькі праз два гады, у 1983-м, маленечкім — як на савецкі час — накладам на 2,5 тысячы пад грыфам «Для службовага карыстання». Праз гэта на яе нельга было спасылацца ў дысертацыях і навуковых працах.

У наступным годзе 81-гадовы Панамарэнка памёр. Пахавалі галоўнага «партызана» на маскоўскіх Новадзявочых могілках. Праз два гады яго кнігу апублікавалі для ўсіх, але ўсё, што магло выклікаць рэальную цікавасць, адтуль выразала цэнзура.

Чытайце таксама