У Віцебскім раёне ў выніку ўздыму ўзроўню вады ў рацэ Заходняя Дзвіна падмыла бераг, праз што разбурыўся ўчастак грунтавай дарогі паміж ракой і двума садовымі таварыствамі. Мясцовыя ўлады спрабуюць умацаваць бераг, паведамляе прэс-служба МНС.

5 красавіка ў 17.50 паступіла паведамленне пра тое, што ў выніку ўздыму ўзроўню вады ў рацэ Заходняя Дзвіна падмыла бераг, праз што разбурыўся ўчастак грунтавай дарогі паміж ракой і садовымі таварыствамі «Лужасна-1» і «Лужасна-2» каля вёскі Барвін Віцебскага раёна.
Пацярпелых няма. Але з’явілася пагроза абвальвання дамоў, збудаванняў і гаспадарчых пабудоваў на тэрыторыі дачных пасёлкаў.
У раёне прайшло паседжанне камісіі па надзвычайных сітуацыях. Для ўмацавання грунту берагавой лініі і падсыпання дарогі задзейнічаныя 14 адзінак тэхнікі і 14 работнікаў.