ЗША замарозілі ваенную дапамогу Украіне пасля скандалу ў Авальным кабінеце Белага дома і адмовы Уладзіміра Зяленскага ад «мірнага плана» Дональда Трампа. Яго дэталі пакуль не агучаныя, але ясна, што мэта — змусіць Украіну падпісаць дамоўленасці пра спыненне агню і далей вырашаць пытанне дэмакратычным шляхам. Гарантыі — аўтарытэт прэзідэнта ЗША. Кіеў жа патрабуе больш істотнай падстрахоўкі таго, што Расія выканае ўмовы. Якім чынам вырашыцца гэтае пытанне, пакуль не вядома. Але што будзе, калі Украіна ўсё ж саступіць ЗША? Як гэта адаб’ецца на Беларусі? Пра гэта «Люстэрка» спытала былога часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША, а цяпер кіраўніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерыя Кавалеўскага.

Валерый Кавалеўскі кажа, што хоць пакуль дэталі мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай не праглядаюцца, але ў цэлым мэта Дональда Трампа — устанаўленне партнёрскіх адносін з Уладзімірам Пуціным. Вайна ва Украіне перашкаджае яе дасягненню. Ці ёсць месца ў такіх умовах для абмеркавання будучыні Беларусі?
— Беларусь не будзе нават прадметам для размовы, — упэўнены Валерый Кавалеўскі. — Саюзная дзяржава, АДКБ, ЕАЭС, нядаўняя дамова пра гарантыі бяспекі — ёсць цэлая серыя інстытутаў, якія прывязваюць Беларусь да Расіі. І амерыканцы не аспрэчваюць нічога з гэтага. Яны кажуць: гэта вашыя двухбаковыя адносіны, вы з гэтым разбірайцеся, мы ўмешвацца не збіраемся. І няма каментароў ні з боку ЗША, ні з боку Еўропы з нагоды пагаднення [Беларусі і Расіі] пра гарантыі бяспекі як самага апошняга і канкрэтнага кроку па ўсталяванні дадатковага кантролю Расіі над Беларуссю. Дэ-факта гэта сітуацыя, на якую ўжо ніхто асабліва не звяртае ўвагі.

Тым не менш яшчэ 15 лютага, пасля візіту ў Мінск амерыканскага дыпламата Крыса Сміта, газета New York Times паведаміла пра падрыхтоўку ўгоды паміж ЗША і Беларуссю. Першым крокам да яе стала вызваленне з беларускіх турмаў амерыканскіх грамадзян і двух палітычных зняволеных. Са словаў Сміта, Лукашэнка гатовы адпусціць яшчэ больш людзей узамен на паслабленне амерыканскіх санкцый на беларускія калійныя ўгнаенні. Валерый Кавалеўскі падкрэслівае, што пакуль не агучваліся ніякія іншыя дэталі магчымай угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам.
— Калі мы грунтуемся на інфармацыі New York Times амаль месячнай даўніны, то напэўна гэтае пытанне будзе мець сваё развіццё. Хоць пакуль яшчэ няясна, якія могуць быць умовы, наколькі гэта можа закрануць тэму рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі. Рэпрэсіі не сціхаюць, яны набываюць новыя адценні і застаюцца сур’ёзнай праблемай, — звяртае ўвагу экс-дыпламат. — Да сённяшняга дня санкцыі Еўрапейскага саюза і ЗША супраць Беларусі былі скаардынаваныя. Але калі ЗША пачынаюць ісці гэтым шляхам самастойна, то іх уплыў будзе рэзка зніжацца. Еўрапейскія санкцыі не будуць зусім ужо намінальнымі, але іх эфект даволі моцна зменшыцца.
Беларусь яшчэ больш трапіць пад уплыў усходняга суседа, калі мірнае пагадненне паміж Украінай і Расіяй пад ціскам ЗША будзе складзенае на нявыгадных Кіеву ўмовах, кажа Кавалеўскі. У выніку гэта негатыўна паўплывае на ўзровень самастойнасці афіцыйнага Мінска.
— Расія будзе старацца ператраўліваць Беларусь праз ідэалогію, інфармацыю, адукацыю, гістарычныя падыходы, — мяркуе экс-дыпламат. — Нейкія фармальныя атрыбуты незалежнасці Беларусі захаваюцца, але Крэмль будзе выкарыстоўваць нашую краіну для сваіх геапалітычных авантур. У тым ліку для ўзброеных правакацый супраць краін NATO. Мы гэта бачым ужо амаль чатыры гады — міграцыйны крызіс мае ўсе прыкметы пастаянна дзейнай правакацыі супраць краін ЕС і NATO. Часам бываюць і моманты выкарыстання ўзбраенняў, але яны не дасягаюць столі пятага артыкула Статута NATO (напад на адну краіну NATO лічыцца нападам на ўвесь альянс. — Заўв. рэд.). Але калі гэта пяройдзе ў гарачэйшую фазу, то можна чакаць, што Беларусь стане аб’ектам для ўдараў у адказ на магчымыя правакацыі са сваёй тэрыторыі.
Чытайце таксама