Чыноўнікі абяцаюць беларусам з 1 красавіка танную мабільную сувязь — збіраюцца ўвесці спецыяльны базавы сацыяльны тарыф. У наступным месяцы таксама з’явяцца змяненні па страхоўках для кіроўцаў. У красавіку адзін з банкаў уводзіць камісію па валютных рахунках. Расказваем, якія змены, што адаб’юцца на таўшчыні кашалькоў, чакаюць беларусаў у наступным месяцы.

Ноаваўвядзенні па мабільнай сувязі
Чыноўнікі абяцаюць насельніцтву з 1 красавіка танную мабільную сувязь — увесці спецыяльны базавы сацыяльны тарыф. Як паведамлялі раней у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі, у яго будуць уключаны паслугі тэлефоннай сувязі, СМС і перадачы дадзеных.
«З 1 красавіка гэты базавы тарыф будзе ўведзены ва ўсіх аператараў сотавай сувязі, і ўсе ўжо да гэтага гатовыя. Ён уключае ў сябе 200 хвілін, 50 СМС і 2 ГБ інтэрнэту. Падчас абмеркавання гучалі розныя лічбы, але разам з тым мы павінныя разумець, што гэта акурат базавы, можна сказаць, усярэднены тарыф, які дазваляе чалавеку нармальна камунікаваць», — расказалі ў ведамстве. Як паведамлялася, каштаваць тарыф будзе прыблізна 12 рублёў.
Таксама сотавыя аператары з 1 красавіка не змогуць аўтаматычна падпісваць абанентаў на дадатковыя платныя паслугі. Гэтым заклапаціўся беларускі ўрад і прапісаў у сваёй пастанове канкрэтны алгарытм падключэння інфармацыйных ці забаўляльных рассылак ад аператараў сувязі.
Змяненні для кіроўцаў
З 23 красавіка запрацуюць новаўвядзенні па страхаванні, гэта прадугледжвае спецыяльны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Так, гэтым дакументам зацвердзілі дамову абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў (АСАГА), якая будзе дзейнічаць у Беларусі і Расіі.
Сума залежыць ад рабочага аб’ёму рухавіка. Напрыклад, для машыны з аб’ёмам ад 1800 да 2500 см³ страхоўка на 15 дзён абыдзецца ў 1,57 базавай велічыні (65,94 рубля), а на год — 3,88 (162,96 рубля). То-бок саюзная страхоўка ў цэлым выгаднейшая, чым «сіняя карта», для тых, хто часта ездзіць у Расію.
Яшчэ адно новаўвядзенне датычыць «сініх карт», якія беларускія кіроўцы могуць выкарыстоўваць для паездак у Расію (як і жыхары гэтай суседняй краіны для таго, каб прыбыць да нас). Кошт гэтых страховак разлічваецца ў еўра. Але з 23 красавіка яго прывяжуць да базавай велічыні, якая цяпер складае 42 рублі. Да прыкладу, страхоўка на легкавое аўто на адзін месяц абыдзецца ў 68,68 рубля (такой будзе сума, калі запрацуюць змены — праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, то-бок у раёне 20-х дзён красавіка). Цяпер жа тарыф на месяц — 19 еўра.
Новаўвядзенне па арэндзе
З 1 красавіка павысяць базавую арэндную велічыню — да 18,77 рубля. Рост — на 5,7%.
Апошнім разам гэтую велічыню павышалі з красавіка 2024 года — да 17,76 рубля.
Камісія па валютных рахунках
«Прыёрбанк» з 1 красавіка ўвядзе штомесячную плату за сэрвіснае абслугоўванне валютных рахункаў кліентаў, якія трымаюць у банку буйныя сумы. Новы збор будзе датычыць сродкаў, якія захоўваюцца ў далярах, еўра, злотых, фунтах стэрлінгаў, швейцарскіх франках і шведскіх кронах.

Камісія разлічваецца на аснове сумарнага сярэднядзённага астатку сродкаў на рахунках за месяц у даляравым эквіваленце. Гэта сярэдняя сума грошай на рахунках кліента за месяц. Калі рахункі ў розных валютах, іх пералічаць у даляры па курсе Нацбанка на канец месяца.
Мінімальны парог, з якога пачнецца спагнанне платы, складае 30 тыс. даляраў. У гэтым выпадку камісія складзе 500 рублёў за месяц. Для некаторых кліентаў яна будзе складаць 12 000 рублёў за месяц.
Карэктаванні для гандлю і вытворцаў
Прэм’ер Аляксандр Турчын раней анансаваў, што Саўмін збіраецца да 1 красавіка падрыхтаваць карэктаванні па дзяржрэгуляванні цэн. Ён прызнаў, што праз рэгуляванне цэн узніклі «пэўныя дысбалансы». Хоць крыху раней у гэтым месяцы чыноўнікі заяўлялі адваротнае. Нагадаем, раней эксперты адзначалі, што кантроль цэн дзяржавай пагражае адкладзеным скокам інфляцыі, праз яго таксама ёсць праблемы ў бізнесу.
Паспець заплаціць падаткі (максімум — у першыя дні чэрвеня)
Да 31 сакавіка ўключна беларусам трэба паспець падаць дэкларацыю пра даходы ў 2024 годзе. Пры гэтым аплаціць выстаўлены падатак трэба будзе да 2 чэрвеня гэтага года ўключна. Суму збору адзначаць у паведамленнях, якія дашлюць падаткавікі. Такія лісты ад іх мусяць прыйсці да 30 красавіка.
Чытайце таксама