Сенатар Леанід Заяц выказаўся, ці збіраюцца ўлады падымаць пенсійны ўзрост. Паводле яго, «гэтае пытанне ўсіх сёння хвалюе» — ці будзе ён павышацца. Нагадаем, раней кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што «ў найбліжэйшай перспектыве павелічэння пенсійнага ўзросту не плануецца».

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, упаўнаважаны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласці Леанід Заяц заявіў, што «ўсіх сёння хвалюе, ці будзе павышацца пенсійны ўзрост».
«Хачу вам аўтарытэтна заявіць, што сёння гэтае пытанне нават не разглядаецца нідзе і не выносіцца ні перад кім, — адзначыў Леанід Заяц падчас паездкі ў Глуск на мінулым тыдні. — Гэта проста TikTok чытаюць людзі, пачынае гэта разыходзіцца, пачынае бударажыць насельніцтва».
Нагадаем, раней 14 сакавіка кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што «ў найбліжэйшай перспектыве павелічэння пенсійнага ўзросту не плануецца».
У Беларусі апошні раз павышалі пенсійны ўзрост з 1 студзеня 2022 года: для мужчын — да 63 гадоў, а для жанчын — да 58. У 2025-м ён будзе на такім жа ўзроўні.
У нашай краіне таксама перыядычна падымаецца пытанне ўраўноўвання пенсійнага ўзросту. Беларускі жывуць даўжэй, чым беларусы (паводле звестак за 2019 год, у мужчын гэта каля 64 гадоў, а ў жанчын — 78 гадоў).
У Мінпрацы восенню 2024 года заяўлялі, што гэтае пытанне «не прапрацоўваецца і не разглядаецца». Аднак, паводле звестак «Кіберпартызан», чыноўнікі ў 2020 годзе разглядалі магчымасць падняць пенсійны ўзрост для жанчын. Самым аптымальным варыянтам у міністэрстве бачылі павышэнне гэтага паказчыка да 63 гадоў — штогод на шэсць месяцаў пачынаючы з 2023 года. Планавалася, што гэтая рэформа скончылася б у 2032-м.
Чытайце таксама