Падставілі трохгадовую дзяўчынку пад удар п'янага кіроўцы: успамінаем, як пакаралі мінскіх даішнікаў, якія зрабілі 17 гадоў таму «жывы шчыт»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

17 гадоў таму, 2 сакавіка 2008 года, чацвёра даішнікаў на ўездзе ў Мінск з боку Слуцка вырашылі затрымаць парушальніка хуткаснага рэжыму, які імчаў да горада на хуткасці 170 км/г. Для гэтага яны спынілі чатыры машыны, у адной з якіх было трохгадовае дзіця. І, не даўшы людзям выйсці з аўтамабіляў, зрабілі з іх «жывы шчыт». Усё абярнулася сур’ёзным інцыдэнтам, судом і шырокім грамадскім рэзанансам. Успамінаем, як сілавікі паставілі пад удар грамадзян, якія нічога не падазравалі, — і якім сімвалічным пакараннем за гэта ў выніку адкараскаліся.

Загарода з людзей

Увечары 2 сакавіка 2008 года мінчук Юрый Пашкевіч вяртаўся са Слуцка ў Мінск з жонкай і трохгадовай дачкой, якая спала. Яны сядзелі на заднім сядзенні ў яго BMW 525. У тым месцы, дзе траса Мінск — Мікашэвічы праходзіць міма Сеніцы (то-бок зусім недалёка ад сталічнай кальцавой), кіроўца ўбачыў перад сабой два аўтамабілі ДАІ і супрацоўніка, які жазлом загадаў яму спыніцца. Юрый уключыў правы паваротнік і сабраўся, як і належыць у такім выпадку, ехаць на край праезнай часткі. Але першая і трэцяя палосы дарогі тут ужо былі занятыя машынамі, якія даішнікі спынілі раней. Мінчуку супрацоўнікі ДАІ загадалі спыніцца ў другім шэрагу.

Следственный эксперимент при ДТП, организованный после событий 2 марта 2008 года на въезде в Минск со стороны Слуцка. Фото: kp.ru
Следчы эксперымент ДТЗ, арганізаваны пасля падзей 2 сакавіка 2008 года на ўездзе ў Мінск з боку Слуцка. Фота: kp.ru

Правілы дарожнага руху загадваюць кіроўцам выконваць указанні даішнікаў, і Юрый падпарадкаваўся. Пасля гэтага ён паспрабаваў выйсці з машыны — але міліцыянты жэстам не дазволілі гэтага зрабіць ні яму, ні ягонай сям'і, хоць і бачылі жонку з маленькім дзіцем унутры. Прайшло каля 30 секунд — і раптам супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, якія стаялі перад машынай, пачалі разбягацца. Адчуўшы нядобрае, мінчук паспеў зірнуць у люстэрка задняга віду, дзе ўбачыў Volksvagen, што ляцеў у яго машыну на вялікай хуткасці. Усё, што паспеў зрабіць кіроўца — гэта крыкнуць жонцы: «Трымай дзіця!» Пасля гэтага ён з усіх сіл упёрся ў руль і напружыўся ўсім целам.

Першы ўдар па датычнай прыйшоўся ў суседні аўтамабіль — а ўжо потым «Фольксваген» зрыкашэціў у машыну Юрыя. Удар быў настолькі моцным, што мужчына страціў прытомнасць — і прыйшоў у сябе ад крыку жонкі: «Юра, як ты?!» Заднюю частку машыны мінчука склала «гармонікам», а перадам яна ўрэзалася ў аўтамабіль ДАІ, які стаяў на ўзбочыне. Ачуняўшы, мінчук адразу ўспомніў, што паліўны бак і акумулятар у яго машыне знаходзяцца проста пад заднім сядзеннем. Разумеючы, што машына можа ўзляцець на паветра, ён выключыў запальванне і сказаў жонцы з дзіцем выбягаць. А вось сам без старонняй дапамогі выйсці не змог — для гэтага давялося ламаць дзверы.

Аўтамабіль Юрыя Пашкевіча стаў адной з чатырох цывільных машын, з якіх чацвёра супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы вырашылі зрабіць «жывы шчыт» на дарозе парушальніка хуткаснага рэжыму Рамана Менцюка. Таго яшчэ на выездзе са Слуцка паспрабавалі спыніць тамтэйшыя даішнікі. Спрабуючы адарвацца ад пагоні, ён разагнаў свой Volkswagen Golf да 160−170 км/г.

Ад Слуцка да Мінска больш за 100 кіламетраў, то-бок у мінскай дзяржаўтаінспекцыі з моманту пачатку пагоні было ніяк не менш за паўгадзіны, каб падрыхтавацца да злову парушальніка. У распараджэнні ДАІ на той момант ужо было некалькі відаў сродкаў прымусовага спынення транспартных сродкаў накшталт стужак з шыпамі, якія разгортваюцца на дарозе і лёгка змяшчаюцца ў багажнік службовай машыны. У дадатак у даішнікаў, якія чакалі Менцюка на ўездзе ў Мінск, было два службовыя аўтамабілі, развярнуўшы якія папярок дарогі, цалкам можна было яе перагарадзіць. Але супрацоўнікі вырашылі спыніць парушальніка з дапамогай цывільных машын, з якіх не дазволілі выйсці шасцярым грамадзянам — пяцярым дарослым і маленькай дачцэ Юрыя Пашкевіча.

Фото из архива Zerkalo.io
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Паводле словаў відавочцаў, адразу пасля ўдару супрацоўнікі ДАІ, якія зрабілі «жывы шчыт», на нейкі час нібыта здранцвелі. Вырашыўшы для затрымання парушальніка рызыкнуць жыццямі (але не сваімі, а чужымі), яны быццам нават не разумелі, што адбылося. На пытанне «Што ж вы нарабілі?» сілавікі адказвалі адгаворкамі накшталт «Мы не думалі, што ён не спыніцца…»

Па шчаслівай выпадковасці, акрамя Юрыя Пашкевіча, які атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, ніхто з ахвяр ДТЗ, справакаванага Раманам Менцюком і дзеяннямі супрацоўнікаў ДАІ, у фізічным плане сур’ёзна не пацярпеў. Зрэшты, усе людзі, якія апынуліся ў спыненых міліцыянтамі машынах, перажылі наймацнейшае нервовае ўзрушэнне.

Не ўпершыню

«Жывы шчыт» на ўездзе ў Мінск з боку Слуцка можна было б палічыць выпадковасцю. Дапусцім, супрацоўнікі разгубіліся, не паспелі абдумаць свае дзеянні і іх магчымыя наступствы — і прынялі нейкае недарэчнае памылковае рашэнне. Можа, рэч сапраўды ў гэтым?

Хутчэй за ўсё, не. Усяго за чатыры месяцы да падзей у Сеніцы вельмі падобнае ДТЗадбылося на Мінскай кальцавой аўтадарозе ў раёне «Экспабела». 7 кастрычніка 2007 года двое супрацоўнікаў ДАІ Савецкага раёна сталіцы таксама зрабілі «жывы шчыт» з чатырох аўтамабіляў — «Таўрыі», ВАЗ-2110, Mitsubishi Carisma і Volkswagen Caddy. З яго дапамогай даішнікам удалося спыніць нецвярозага парушальніка хуткаснага рэжыму на Peugeot 605. Тым разам наступствы былі нават сур’ёзнейшыя: кіроўца «Таўрыі» Станіслаў Аляксееў атрымаў пералом тазасцегнавай косткі са зрушэннем, адкрытую чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. А яго нявеста Наталля Гатоўка — закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мозгу, пералом грудзіны, выцятую рану левай галёнкі, шматлікія ранкі на твары і зламаны зуб. Пры гэтым супрацоўнікі ДАІ, якія зрабілі «жывы шчыт», засталіся беспакаранымі.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: ГАИ УВД Гродненского облисполкома
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама

Пасля стварэння «жывога шчыта» ў Сеніцы стала ясна, што супрацоўнікі ДАІ Мінска свядома і сістэмна выкарыстоўваюць гэты небяспечны прыём і ставяць пад пагрозу жыцці і здароўе грамадзян, выконваючы свае службовыя задачы. Пры гэтым законапаслухмяныя беларусы нават не маюць права пярэчыць іх патрабаванням, бо за гэта могуць быць прыцягнутыя да адказнасці — у тым ліку да крымінальнай.

Каго спынілі «жывым шчытом»

Раман Мянцюк, з ягоных жа словаў, у той вечар разам са сваёй дзяўчынай вёз з Гомеля ў Мінск сведкаў для ўласнага вяселля. Ён быў п’яны — пасля ДТЗ медыкі выявілі ў крыві мужчыны 1,31 праміле алкаголю, што адпавядае сярэдняй ступені ап’янення. Аўтамабіль, на якім ехала кампанія, належаў дзяўчыне Менцюка Вользе, якую пазней судзілі за перадачу кіравання нецвярозаму кіроўцу. Вось як яна апісвала гэты момант: «Пасля таго як ён, знаходзячыся ў п’яным стане, зладзіў істэрыку, я здуравала і дала яму машыну. Я прызнаю, што дазволіла яму сесці за руль аўтамабіля, і шкадую пра гэта. Гэта былі яго капрыз і мая слабасць».

Дзіўна, але адразу пасля ДТЗ Менцюка, які разам са сваёй дзяўчынай з траўмамі трапіў у бальніцу, не затрымалі. Паводле яго словаў, у ДАІ яму паказалі пратаколы пра адміністрацыйныя пакаранні і сказалі: «Радуйся — ты ў кашулі нарадзіўся, ДАІ вінаватая». Сума штрафаў, прызначаных парушальніку, складала каля 3 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (прыкладна 1400 даляраў паводле тагачаснага курса).

На той час як праваахоўнікі перадумалі і вырашылі прыцягнуць Рамана Менцюка да больш сур’ёзнай адказнасці, ён разам з Вольгай, з якой ужо паспеў ажаніцца, збег у Расію. Да таго як мужчыну затрымалі ў Маскве, ён нават паспеў з’явіцца ў эфіры вядомага тэлевізійнага ток-шоу «Пусть говорят» з Андрэем Малахавым. Дарэчы, падчас запісу гэтай перадачы адзін з запрошаных расійскіх экспертаў параўнаў беларускіх даішнікаў з фашыстамі, якія падчас вайны выкарыстоўвалі ў якасці «жывога шчыта» мірных жыхароў.

Роман Ментюк. Фото: kp.by
Раман Мянцюк. Фота: kp.by

У выніку за парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, якое прывяло да нанясення людзям цяжкіх цялесных пашкоджанняў, Раману Менцюку далі пяць гадоў калоніі і забаранілі кіраваць аўтамабілем на гэты ж тэрмін. Але па амністыі ён выйшаў на волю ўжо праз чатыры гады, у верасні 2012-га. У канцы гэтага ж месяца Рамана Менцюка ў Маладзечне зноў затрымалі за рулём у стане алкагольнага ап’янення — у крыві ў яго было 1,5 праміле.

Сімвалічнае пакаранне супрацоўнікам ДАІ

Другі «жывы шчыт» у Мінску менш чым за паўгода выклікаў хвалю абурэння ў беларускім грамадстве. Відаць, менавіта таму цалкам замяць яго, як пасля выпадку ля «Экспабела», улады не наважыліся. Зрэшты, пад суд трапілі толькі двое з чатырох супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі Рамана Менцюка ў Сеніцы, — у дачыненні да двух іншых крымінальную справу спынілі.

Абвінавачаныя Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч сваёй віны не прызналі, а ў апошнім слове заявілі, што шкадуюць пра тое, што здарылася, і што ў іх не было намеру наносіць камусьці шкоду. У чэрвені 2008 года за стварэнне «жывога шчыта» з аўтамабіляў з шасцю людзьмі, уключаючы маленькае дзіця, суд асудзіў іх на два гады пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на тры гады і пазбавіў права займаць пэўныя пасады цягам тых жа трох гадоў. Пакаранне было прызначанае паводле артыкула 426 КК РБ (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

Нагадаем, што пазбаўленне волі з адтэрміноўкай — гэта нават не пакаранне, а альтэрнатыўная яму форма крымінальнай адказнасці, пры якой асуджаныя знаходзяцца на «выпрабавальным тэрміне». Падчас яго яны не павінныя здзяйсняць новых злачынстваў і выконваць пэўныя патрабаванні суда.

Таксама суд часткова задаволіў патрабаванні ахвяр самавольства супрацоўнікаў ДАІ пра кампенсацыю маральнай шкоды. Людзі, якія апынуліся ў «жывым шчыце», патрабавалі ад абвінавачаных па 50 мільёнаў рублёў (каля 23,5 тысячы даляраў). Суд ацаніў іх фізічныя і маральныя пакуты значна ніжэй. Тром сямейнікам Юрыя Пашкевіча, чыя машына прыняла на сябе галоўны ўдар аўтамабіля Менцюка, прызначылі па шэсць мільёнаў рублёў (2,8 тысячы даляраў). Маральную шкоду Алены Калпаковай, аўтамабіль якой ударыла па датычнай, суд ацаніў у два мільёны рублёў (каля 940 даляраў), а двух астатніх мімавольных удзельнікаў «жывога шчыта» — у адзін мільён (470 даляраў).

Каб зразумець, наколькі сімвалічнай была адказнасць, якую суд прызначыў супрацоўнікам ДАІ, што свядома паставілі пад пагрозу жыццё і здароўе шасці беларусак і беларусаў, у тым ліку маленькай дзяўчынкі, успомнім, што цяпер суды даюць рэальныя тэрміны за лайкі, пакінутыя ў сацсетках. У 2008 годзе сілавікам, якія паставілі пад удар машыны з пяццю дарослымі грамадзянамі і маленькім дзіцем, прызначылі ўмоўнае пакаранне. А з 2022 года грамадзян па-сапраўднаму адпраўляюць за краты за лайкі пад крытычнымі пастамі пра міліцыянтаў.

Сотрудник ГАИ Игорь Вольнич прижимает голову протестующего коленом к земле, 20 июня 2020 года. Фото: скриншот видео
Супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч прыціскае галаву пратэстоўца каленам да зямлі, 20 чэрвеня 2020 года. Фота: скрыншот відэа

Адзначым, што нават сімвалічнае пакаранне супрацоўнікаў ДАІ як мінімум частка беларускага грамадства тады ўспрыняла з асцярожным энтузіязмам. Адвакатка пацярпелых Вера Страмкоўская выказала надзею, што пасля абвінаваўчага прысуду заганная практыка стварэння «жывых шчытоў» будзе спыненая, а супрацоўнікі ДАІ будуць абыходзіцца з грамадзянамі так, як загадвае Канстытуцыя. Юрый Пашкевіч заявіў, што задаволены вынікамі суда і памерам прызначанай кампенсацыі.

Чытайце таксама