Белтэлерадыёкампанія анансавала чарговы «фільм» пра жыццё за мяжой і вяртанне дадому. Раскажуць гісторыі беларусаў, якія з розных прычын апынуліся за мяжой пасля падзей 2020 года, паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1». Як заяўляецца, у росце эміграцыі з Беларусі вінаватае ў тым ліку «Радыё Свабода», якому нядаўна спынілі фінансаванне.

Прапагандысты парадаваліся спыненню фінансавання ЗША «Радыё Свабода», заявіўшы, што «гэты рэсурс вельмі актыўна працаваў у Беларусі ў 2020 годзе, прамываючы мазгі грамадству пад выглядам нібыта незалежнай журналістыкі».
«Шмат у чым „дзякуючы“ і яго дзейнасці сярод нашых суайчыннікаў сфармаваўся такі клас, як „збеглыя“», — адзначылі ў эфіры.
Там паабяцалі расказаць, як беларусам «насамрэч» жывецца за мяжой — то-бок кепска. Як сцвярджаюць, гэтага не ўбачыш у сацыяльных сетках тых, хто сёння жыве ў Літве і Польшчы. Жыццё за мяжой прапагандысты назвалі выжываннем, адзначыўшы, што будуць паказаныя «толькі выказванні саміх герояў».
Нагадаем, з 2020 года нямала беларусаў пакінула краіну. Пры гэтым дакладнай статыстыкі іх няма. Так, у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС раней заяўлялі, што толькі ў 2021 і 2022 гадах з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў колькасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, у 350 тысяч. Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў называў лічбу прыкладна ў 500−600 тысяч (гэта на пачатак 2024-га). Таксама гучалі ацэнкі эміграцыі беларусаў з пачатку рэпрэсій у 2020 годзе — ад 100 тысяч да 500 тысяч чалавек.
Беларусаў, якія з’ехалі, прапаганда называе «збеглымі» з падачы Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым у краіне назіраецца недахоп работнікаў, а сам палітык прапаноўваў запрашаць на працу «любых людзей» — таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, а таксама ўкраінцаў.
Пасля 2020 года беларуская прапаганда рэгулярна імкнецца пераконваць людзей у тым, што за мяжой горш, чым у нашай краіне, выкарыстоўваючы беларусаў, якія вярнуліся. Аднак з сотняў тысяч тых, хто вымушана выехаў, у дзяржаўную камісію па вяртаннізвярнулася каля 240 чалавек, з іх 20 вярнуліся ў Беларусь.
Чытайце таксама


